Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/120

Гэта старонка не была вычытаная

— Выслухайце мяне да канца. Так, тут яны добрыя, але калі мне ўдасца перацягнуць яго ў больш высокую грамадскую сферу, што я і спадзяюся зрабіць, як толькі атрымаю абяцаныя мне багацці, то яго манеры не паслужаць к яго чэсці.

— І вы думаеце — ён гэтага не ведае? — запыталася Бідзі.

— Што вы хочаце гэтым сказаць, Бідзі?

Бідзі расцёрла ў руках свой лісцік — з таго часу пах чорнай смародзіны заўсёды напамінае мне гэты вечар у нашым садку — і сказала:

— Вам ніколі не прыходзіла ў галаву, што ён можа быць гордым?

— Гордым? — паўтарыў я напышліва і пагардліва.

— О, гордасць бывае розная, — сказала Бідзі, гледзячы мне ў вочы і ківаючы галавою. — Гордасць гордасці розніца…

— Ну! Што-ж вы замоўклі? — запытаў я.

— Гордасць гордасці розніца, — паўтарыла Бідзі. — Ён можа быць надта горды для таго, каб дазволіць каму-б то ні было адарваць сябе ад месца, на якім ён прыгодны і якое ён займае з чэсцю і дастойнасцю.

— Ведаеце, Бідзі, — сказаў я, — мне вельмі сумна бачыць у вас гэтую рысу. Я не думаў сустрэць яе ў вас. Вы зайздросціце, Бідзі. Вы нездаволены маім узвышэннем у свеце і не можаце ўтаіць гэтага.

— Калі ў вас хапае духу так думаць, дык, зрабіце ласку, кажыце.

— Калі ў вас хапае духу быць такою, — пачаў я з выглядам зняважанай дабрадзейнасці, — дык прынамсі не звальвайце віну на мяне. Мне вельмі сумна бачыць у вас гэтую… гэтую вельмі непрыгожую рысу чалавечай прыроды.

Бідзі вярнулася дадому, а я вышаў за калітку і ў нудным настроі прабадзяўся аж да вячэры. І мне зноў стала сумна і дзіўна, што і ў другую ноч майго