Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/122

Гэта старонка не была вычытаная

што ён з самай раніцы выехаў з дому, завярнуў у кузню і там даведаўся пра ўсе навіны. Ён падрыхтаваў для мяне закуску ў гасціным пакоі і загадаў свайму прыказчыку «не таптацца на дарозе», калі ў дзверы ўваходзіла мая свяшчэнная асоба.

— Дарагі мой друг, — сказаў містэр Пембльчук, узяўшы мяне за абедзве рукі, калі мы асталіся з ім удвух, за закускаю, — я вельмі рад вашаму шчасцю. Яно цалкам, цалкам заслужана.

Ён, што называецца, папаў у цэль, і я знайшоў, што ён выражаецца вельмі трапна.

— Адна думка, — далей казаў ён, крыху пасопшы ад захаплення, — адна думка, што я быў скромных сродкам вашага ўзвышэння, служыць для мяне дастатковай узнагародаю і напаўняе маё сэрца гордасцю.

Я прасіў містэра Пембльчука ўспомніць, што аб гэтым пункце забараняецца гаварыць нават намёкамі.

— Мой любы малады друг, — сказаў містэр Пембльчук, — калі толькі вы мне дазволіце так вас называць…

Я прамармытаў: «вядома», і містэр Пембльчук яшчэ раз узяў мяне за рукі, стараючыся прывесці сваю камізэльку ў рух, што магло-б выразіць душэўнае хваляванне, калі-б рабілася не на тым месцы, дзе ў яго знаходзіўся жывот.

— Мой любы, дарагі друг, — казаў далей містэр Пембльчук, — вы, напэўна, прагаладаліся, стаміліся. Прысядзьце. Вось кураня, прама з «Вепра», вось язык, таксама з «Вепра», — усё з «Вепра»; спадзяюся, вы імі не пагрэбуеце. Але няўжо-ж, — усклікнуў містэр Пембльчук, ускакваючы з крэсла, на якое ледзь паспеў прысесці, — няўжо-ж бачу я перад сабою таго, з кім я так часта гуляў у часы яго шчаслівага дзяцінства? І ці смею я?.. Ці смею я?..

— Гэта «ці смею я» азначала яго жаданне паціснуць мне руку. Я выказаў згоду, ён з палкасцю выканаў сваё жаданне і сеў.