Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/125

Гэта старонка не была вычытаная

лікім намаганнем пазваніў, таму што мне перашкаджалі доўгія і каляныя пальцы пальчатак. Сара Покет адчыніла калітку і проста адхіснулася, убачыўшы, як я змяніўся, а твар яе зусім пазелянеў.

— Вы? — запыталася яна. — Гэта вы? Божа літасцівы! Што вам трэба?

— Я еду ў Лондан, міс Покет, — адказаў я, — і жадаю развітацца з міс Гевішам.

Мяне не чакалі, і таму яна пакінула мяне на двары ля зачыненай каліткі, а сама пайшла даведацца, ці можа міс Гевішам прыняць мяне. Крыху пачакаўшы, яна вярнулася, запрасіла мяне наверх і, пакуль мы падымаліся па лесніцы, увесь час пазірала на мяне шырока раскрытымі вачыма.

Міс Гевішам, абапіраючыся на свой кастыль, прагульвалася па пакою з доўгім накрытым сталом. Пакой і на гэты раз быў асветлены свечкамі, і, калі мы ўвайшлі, міс Гевішам павярнулася да нас і спынілася якраз супроць свайго згніўшага шлюбнага пірага.

— Не выходзьце, Сара, — сказала яна. — Ну, што скажаш, Піп?

— Я ад‘язджаю заўтра ў Лондан, міс Гевішам, — пачаў я, старанна абдумваючы свае словы, — я думаў, што вы не разгневаецеся, калі я зайду развітацца з вамі.

— Які ты франт, Піп, — сказала яна, апісваючы нада мною круг сваім кастылём.

— Мне выпала такое шчасце з таго часу, як я бачыў вас у апошні раз, міс Гевішам! — прамармытаў я, — і я за яго так удзячны, міс Гевішам!

— А-а! — праказала яна, гледзячы з захапленнем на анямеўшую ад зайздрасці Сару. — Я бачыла містэра Джагерса, ён мне казаў, Піп. Значыцца, ты едзеш заўтра?

— Так, міс Гевішам.

— І ты ўсыноўлен багатым чалавекам?

— Так, міс Гевішам.