Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/134

Гэта старонка не была вычытаная

трэбна, пасля зірнуў на мяне і сказаў, нібы апраўдваючыся:

— А, так, вы, значыць, прызнаеце поціскі рук?

Я крыху сканфузіўся, падумаўшы, што, можа быць, у Лондане гэта не ў модзе, але адказаў:

— Так.

— Я зусім адвык ад гэтага за апошні час, — сказаў містэр Вемік. — Вельмі рад, што з вамі пазнаёміўся. Добры дзень.

Містэр Покет, відавочна, зусім інакш разумеў хуткасць, чым я; мне прышлося па меншай меры з поўгадзіны да адурэння глядзець у акно, і я паспеў напісаць пальцам сваё імя на ўсіх шыбах бруднага акна, перш чым пачуў крокі на лесніцы. Паступова перад маімі вачыма паказаліся: капялюш, твар, гальштук, камізэлька, штаны і боты юнага члена грамадства, які займаў у ім, відавочна, такое самае становішча, як і я. Пад пахамі ў яго было па папяроваму скрутку, у руцэ кошык з суніцамі, і ён ледзь пераводзіў дух.

— Містэр Піп? — запытаў ён.

— Містэр Покет? — даведаўся я.

— Ах, божа мой! — усклікнуў ён. — Мне страшэнна сорамна, але я ведаю, што нейкі дыліжанс з вашых месц выходзіць у поўдзень, і думаў, што вы прыедзеце з ім. Аднак, — кажу гэта не ў выглядзе апраўдання, — і выходзіў-жа я дзеля вас. Я думаў, што, як вясковаму жыхару, вам прыемна будзе з‘есці ягад пасля абеду, і я пабег за імі на Ковентгардзенскі рынак.

Па адной вядомай мне прычыне я так утаропіў вочы на містэра Покета, што яны ледзь не выскачылі. Я няскладна падзякаваў яму за ўвагу і пачаў думаць, што бачу я ўсё гэта праз сон.

— Божа мой, — усклікнуў містэр Покет-малодшы. — Як туга адчыняюцца гэтыя дзверы!

Возячыся з дзвярмі, ён ціснуў на кісель ягады, якія былі ў яго пад пахаю, і я прапанаваў патрымаць іх. Ён перадаў іх мне з прыязнай усмешкаю і пачаў