Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/137

Гэта старонка не была вычытаная

Таму я расказаў яму сваю нескладаную гісторыю, падкрэсліваючы ў асаблівасці тое, што мне забаронена даведвацца аб маім дабрадзеі. Апрача таго, я сказаў яму, што паколькі я рыхтаваўся ў кавалі і нічога не разумею ў добрых манерах, то палічу найвялікшаю ласкаю з яго боку, калі ён возьмецца ўказваць мне мае промахі.

— З прыемнасцю, — адказаў ён, — хоць я смела прадсказваю, што вы рэдка будзеце мець патрэбу ў заўвагах. Спадзяюся, мы часта будзем разам, і я вельмі быў-бы рад адкінуць усякую шчапяцільнасць. Пачніце зараз-жа: зрабіце ласку, завіце мяне проста Гербертам.

Я падзякаваў яму, згадзіўся і ў сваю чаргу заявіў, што мяне завуць Філіпам.

— Мне не падабаецца «Філіп», — сказаў ён, усміхаючыся. — Ведаеце, што я прыдумаў? Паміж намі так шмат агульнага, апрача таго вы былі кавалём… Вы не будзеце супроць?

— Я загадзя згодзен на ўсё, што вы мне прапануеце, — адказаў я, — але я вас не разумею.

— Згодны вы, каб я зваў вас Гендзелем? Ёсць прыгожая музычная п‘еса Гендзеля, пад назваю: «Гарманічны каваль».

— Мне вельмі падабаецца гэта імя.

— Такім чынам, дарагі Гендзель, — сказаў ён, павярнуўшыся на гук адчыняемых дзвярэй, — вось і абед, і я папрашу вас заняць гаспадарскае месца, таму што мы абедаем на ваш кошт.

Але аб гэтым я не хацеў і слухаць, і першае месца заняў ён, а я размясціўся насупроць. Абед быў просты, але вельмі смачны. Асаблівую прывабнасць надавала яму тое, што мы абедалі ўдваіх, без старшых, і прытым у неабсяжным Лондане. Бязладны характар піравання надаваў яму яшчэ большую чароўнасць; хоць стол, забяспечаны ўсім патрэбным з рэстарана, уяўляў тое, што Пембльчук назваў-бы «алтаром раскошы»,