Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/166

Гэта старонка не была вычытаная

прачытаць прозвішчы жыхароў на дошчачках. Калі ён дабраўся нарэшце да нашых дзвярэй, я чуў, як ён вадзіў пальцам па дошчачцы, разбіраючы па складах маё прозвішча, і гучна дыхаў у замочную шчыліну. Нарэшце ён стукнуў вельмі слаба, усяго адзін раз, і Пепер — такое было імя майго хлопчыка далажыў: «Містэр Гарджэры».

Мне здавалася, што ён ніколі не скончыць выціраць свае ногі і што мне прыдзецца пайсці і сцягнуць яго з палавіка, але вось ён увайшоў.

— Джо! Як жывеш, Джо?

— Піп! Як жывеш-можаш, Піп?

Паставіўшы капялюш на падлогу паміж намі, ён са сваім добрым, асветленым радасцю тварам схапіў мяне за абедзве рукі і пачаў з усіх сіл гойдаць іх уверх і ўніз, як быццам я быў новавынайдзеная патэнтаваная помпа.

— Я вельмі рад бачыць цябе, Джо. Дай мне твой капялюш.

Але Джо, беражліва трымаючы яго абодвума рукамі, як якое-небудзь птушынае гняздо з яйкамі, ні за што не жадаў разлучацца з гэтай часткаю свайго туалета і па-ранейшаму стаяў і гутарыў над ёю у самай нязручнай позе.

— Як вы выраслі! — сказаў Джо. — А папаўнелі і аблагародзіліся, — Джо крыху падумаў, раней чым вымавіў апошняе слова, — так, што дапраўды робіце чэсць нашай радзіме.

— І ты, Джо, таксама выглядаеш малайцом.

— Дзякуй богу, — сказаў Джо, — я таксама іду на папраўку. І сястры вашай не горш, чым было раней, і Бідзі ўсё такая-ж харошая дзяўчынка. Ды і ўсе вашы ронейшыя прыяцелі не пяцяцца назад, калі не ідуць наперад.

Раптам твар Джо прыняў такое выражэнне, нібы ён убачыў здань, і я здагадаўся, што ў пакой увайшоў