Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/170

Гэта старонка не была вычытаная

— Я-ж і кажу, сэр, — адказаў Джо такім афіцыяльным тонам, нібы дыктаваў духоўнае завяшчанне. — Да міс Г., або інакш Гевішам. І яна гаворыць мне наступнае: «Містэр Гарджэры, вы ў перапісцы з містэрам Піпам?» Атрымаўшы ад вас адно пісьмо, я мог адказаць: «Так, у перапісцы». — «У такім выпадку, — сказала яна, — напішыце яму, што Эстэла вярнулася дамоў і жадала-б пабачыцца з ім».

Я адчуваў, як загарэўся мой твар, калі я зірнуў на Джо; думаю, што гэта здарылася часткова ад усведамлення, што я прыняў-бы Джо куды больш ветліва, калі-б ведаў, з якою весткаю ён з‘явіўся да мяне.

— Калі я вярнуўся дадому, — гаварыў далей Джо, — і папрасіў Бідзі паведаміць вам гэту вестку, яна крышку заартачылася. «Я ведаю, — кажа, — яму будзе прыемна пачуць аб гэтым ад вас; цяпер свята, вам хацелася яго пабачыць, — едзьце». Ну вось і ўсё, сэр, — закончыў Джо, устаючы. — Жадаю вам, Піп, усяго добрага і ўсё больш і больш ісці ўгару.

— Але хіба ты ўжо ідзеш, Джо?

— Так, я пайду, — сказаў Джо.

— Але вернешся к абеду?

— Не, не вярнуся, — сказаў Джо.

Нашы позіркі сустрэліся, і ўся гэта халодная прыстойнасць з яе «сэрамі» растала ў яго мужным сэрцы, калі ён працягнуў мне руку.

— Піп, дарагі мой таварыш, усё наша жыццё складаецца з такіх расставанняў. Адзін каваль, другі лудзільшчык, трэці залатых спраў майстар, чацверты меднік, — воляй-няволяй яны павінны разыйсціся, і трэба з гэтым мірыцца. Калі сёння быў хто-небудзь вінаваты, дык толькі я. Ты і я не можам быць таварышамі ў Лондане і нідзе, апрача як дома, дзе ўсё нам даўно знаёма і дзе нас злучае дружба. Не палічы за гордасць, што я табе скажу, але я хочу паступаць правільна, і ты ніколі не ўбачыш мяне больш у гэтым