Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/175

Гэта старонка не была вычытаная

— Вельмі паганае месца. Гразь, туман, балоты, работа, работа, балоты, туман і гразь.

Абодва пачалі лаяць гэту мясцовасць і, нарэшце, вычарпаўшы ўвесь свой запас адборных слоў, замаўчалі.

Пасля гэтай гутаркі я рашыў сыйсці з дыліжанса, як толькі мы ўедзем у горад, і зусім удачна выканаў гэты намер. Чамаданчык мой стаяў у мяне ў нагах, і мне трэба было толькі адшпіліць засцёжку, каб дастаць яго. Я скінуў яго на зямлю і сам злез услед за ім, як толькі бліснуў першы ліхтар нашага горада. Арыштанты паехалі далей, і мне было вядома, на якім месцы іх пасадзяць у лодку. Уяўленне ясна рысавала мне гэтую лодку з катаржнікамі-грабцамі, якая чакала іх каля бруднай прыстані; я зноў чуў крык: «Адчальвайце!», звернуты нібы да сабак, зноў бачыў гэты адвержаны каўчэг, які калыхаўся на цёмнай паверхні ракі.

Я не мог-бы ясна ўсвядоміць, чаго я палохаўся: гэта быў нейкі невыразны, несвядомы страх, але я ніяк не мог ад яго адчапіцца. Падыходзячы да гасцініцы, я адчуваў, што дрыжаць мяне прымушае нешта больш жахлівае, чым простая боязнь быць пазнаным. Я ведаю, што прычына майго страху не ўвасаблялася тады для мяне ні ў які рэальны вобраз, а проста ранейшы бессвядомы дзіцячы жах ажыў ва мне на некалькі хвілін.


РАЗДЗЕЛ XXVII

На другі дзень я ўстаў на досвітку. Ісці да міс Гевішам было яшчэ надта рана, і я рашыў пахадзіць за горадам. Я накіраваўся праз тую частку горада, дзе жыла міс Гевішам, рашыўшы, што да Джо я зайду заўтра. Я думаў аб маёй дабрадзейцы, і ў маім уяўленні яе планы наконт маёй будучыні рысаваліся ў самых ружовых фарбах.

Яна ўзаконіла Эстэлу, амаль усынавіла мяне і, відавочна, жадала з‘яднаць нас. Па дарозе я спыніўся супроць яе дома, каб глянуць на яго, на яго цагляныя