Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/179

Гэта старонка не была вычытаная

ў Лондан. Пагутарыўшы з намі яшчэ крыху, міс Гевішам адправіла мяне з Эстэлаю пагуляць у закінуты сад.

Мы з Эстэлаю ўвайшлі ў сад праз калітку, ля якой я сустрэўся з «бледным маладым чалавекам», г. зн. з Гербертам. Я хваляваўся… Я абажаў Эстэлу да апошняй аборкі яе плацця. Яна трымалася зусім абыякава і, вядома, не мела ніякіх пачуццяў да фалдаў майго сурдута.

Калі мы падышлі да месца бойкі, яна спынілася і сказала:

— Я была, мусіць, дзіўным маленькім стварэннем, калі схавалася тут і глядзела, як вы тады біліся; але тады мяне гэта вельмі забаўляла.

— Вы тады мяне добра ўзнагародзілі.

— Праўда? — адказала яна халодна, як быццам аб гэтым не варта было і ўспамінаць. — Я памятаю, што я тады вельмі непрыхільна адносілася да вашага праціўніка; я злавалася, навошта яго прывялі сюды.

— Мы з ім цяпер вялікія прыяцелі, — сказаў я ёй.

— Так, я чула, — вы-ж, здаецца, вучыцеся ў яго бацькі?

— Так.

На апошняе пытанне я адказаў не асабліва ахвотна, бо гэта значыла прызнаць сябе школьнікам, а яна і без таго абыходзілася са мною як з хлапчуком.

— З пераменаю ў вашым становішчы вы перамянілі, напэўна, і кола сваіх знаёмых? — запыталася Эстэла.

— Вядома, — адказаў я.

— Так і трэба было, — дадала яна высокамерным тонам: — ранейшая ваша кампанія цяпер не падыходзіць для вас.

Павінен прызнацца, што пасля гутаркі з ёю я не асабліва імкнуўся пабачыцца з Джо, а апошняя яе