Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/191

Гэта старонка не была вычытаная

Я даў сабе слова асцярожна гаварыць з ёю пра свайго апекуна, але, папаўшы на гэту тэму, я апісаў-бы абавязкова наш абед у Джэрард-стрыце, калі-б раптам у карэту не прарваўся сноп моцнага газавага святла. Мне здавалася, што ўсё заззяла навокал і нібы асвяцілася тым-жа невытлумачальным пачуццём, якое ўладала мною. Я быў аслеплены на некалькі імгненняў, быццам перада мною бліснула маланка.

Гутарка перайшла на другія прадметы: на цікавыя месцы дарогі, па якой мы ехалі, і наогул усёй гэтай часткі Лондана і т. п. Яна, па яе словах, амаль зусім не ведала Лондана, таму што ніколі, да самай паездкі ва Францыю, не бывала далей бліжэйшых ваколіц нашага горада, а ў Лондане бывала толькі праездам, па дарозе ва Францыю і назад. Я запытаўся ў яе, ці не будзе мець якіх-небудзь адносін да яе мой апякун у часе яе прабывання ў Рычмондзе, на што яна горача адказвала:

— Не. Крый божа!

Праязджаючы праз Гамерсміт, я паказаў ёй, дзе жыве містэр Мацью Покет, і сказаў, што гэта вельмі блізка ад Рычмонда, а таму я спадзяюся часам бачыцца з ёю.

— Вядома, мы будзем бачыцца… Вы можаце прыходзіць да мяне, калі вам уздумаецца… У сям‘і, у якой буду я жыць, пра вас, напэўна, ужо ведаюць.

Я запытаўся, ці вялікая гэтая сям‘я.

— Не, іх усяго двое — маці і дачка. Матулька, здаецца, благародная лэдзі, якая не ўпускае, аднак, выпадку прыдбаць грошай.

— Мяне здзіўляе, што міс Гевішам адважылася так хутка зноў расстацца з вамі.

— Гэта ўваходзіць у яе планы наконт маёй будучыні, Піп, — сказала Эстэла ўздыхаючы, як быццам яна стамілася. — Я павінна заўсёды пісаць ёй, бачыцца з ёю праз пэўны час і паведамляць, як мне жывецца з маімі