Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/206

Гэта старонка не была вычытаная

— Вельмі добра, — сказаў я, крыху ўцешаны, — дык я зайду параіцца да вас дадому.

— Містэр Піп, — адказаў ён, — я заўсёды рад вас бачыць, як добрага знаёмага.

Пра ўсё гэта мы гаварылі ўпоўголаса, памятаючы, што ў майго апекуна вельмі нядрэнны слых. Калі ён, паціраючы рукі, з‘явіўся ў дзвярах габінета, Вемік апрануў паліто і пачаў тушыць свечкі. Мы вышлі ўсе разам на вуліцу, але ля пад‘езда Вемік пайшоў у адзін бок, а мы ў другі.

На працягу гэтага дня некалькі разоў у мяне з‘яўлялася жаданне, каб у містэра Джагерса аказаўся ў Джэрард-стрыце свой дзядуля, свая гармата, адным словам хто-небудзь ці што-небудзь, здольнае разварушыць яго і разгладзіць маршчыны ў яго на ілбу. Цяжка было ў дзень свайго поўналецця думаць, што дасягаеш гэтага поўналецця і ўступаеш у свет толькі для таго, каб нікому не давяраць і замкнуцца ў сабе самым; а містэр Джагерс мімаволі наводзіў на такія думкі. Ён у тысячу разоў разумнейшы і больш адукаваны, чым Вемік, але я заўсёды аддаў-бы перавагу кампаніі апошняга. Містэр Джагерс не на мяне толькі нагнаў меланхолію, прынамсі пасля яго ўходу Герберт абвясціў мне, накіроўваючы позірк на агонь, што адчувае сябе зусім расстроеным і вінаватым, як быццам зрабіў якую-небудзь подласць і не можа ўспомніць якую.


РАЗДЗЕЛ XXXIII

Лічачы, што зручней за ўсё параіцца з Вемікам дома ў нядзелю, я ў наступную-ж нядзелю пазваніў ля яго каліткі, і мяне прапусцілі самым мірным чынам.

— Мой сын, сэр, — сказаў стары, падымаючы за мною мост, — так і думаў, што вы сёння, можа быць, зойдзеце, і прасіў сказаць вам, што хутка вернецца