Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/212

Гэта старонка не была вычытаная

бра, прыбітымі надта высока, а таму свечкі ў іх мігцелі неяк сумна, нібы святло іх з намаганнем распаўсюджвалася ў спёртым паветры.

Мы сядзелі ля агню. Міс Гевішам усё яшчэ трымала ў сваёй руцэ руку Эстэлы і паціскала яе. Эстэла зрабіла спробу вызваліцца. Яна некалькі разоў ужо выяўляла нецярплівасць і, здавалася, зусім абыякава прымала дзікія ласкі, нічым не адказваючы на іх.

— Як! — сказала міс Гевішам, бліскаючы калючымі вачыма. — Я ўжо надакучыла табе?

— Я сама сабе парадкам надакучыла, — адказала Эстэла, канчаткова вызваліўшыся, і адышла бліжэй да каміна, ля якога і спынілася, гледзячы на агонь.

— Кажы праўду, няўдзячная! — ускрыкнула са злосцю міс Гевішам і стукнула кастылём па падлозе. — Надакучыла я табе?

Эстэла са здзіўляючым спакоем зірнула на яе і зноў адвярнулася да агню. Ва ўсёй яе стройнай фігуры і ў прыгожым твары было столькі халоднай абыякавасці да ўспышкі міс Гевішам, што гэты спакой здаваўся нават жорсткім.

— Каменная! — усклікнула міс Гевішам. — Ледзяная! Драўляная!

— Як!.. — адказала Эстэла, стоячы па-ранейшаму, абапёршыся на дошку каміна, не змяняючы позы і толькі кінуўшы погляд на міс Гевішам. — Вы мяне папракаеце ў халоднасці!? Вы?..

— А хіба гэта няпраўда? — горда запярэчыла міс Гевішам.

— Вы павінны былі-б зразумець, — сказала Эстэла, — што я такая, якою вы мяне самі зрабілі. Наракайце на сябе ці радуйцеся, але я тут ні пры чым.

— Палюбуйся, палюбуйся на яе! — ускрыкнула з гораччу міс Гевішам. — Палюбуйся! Што за няўдзячнасць, што за высокамернасць!.. І яшчэ тут, у доме, дзе я выхавала яе, дзе прыгрэла на сваіх параненых гру-