Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/229

Гэта старонка не была вычытаная

РАЗДЗЕЛ XXXVI

На мне ляжаў важны клопат: трэба было падумаць аб мерах перасцярогі, якімі я мог-бы захаваць ад небяспекі майго страшнага госця.

Таіць яго прысутнасць у маёй кватэры было нямысліма; я ясна ўсведамляў, што ўсякая спроба зрабіць гэта абавязкова павінна была выклікаць падазрэнне. Праўда, лакея ўжо больш не было, але мне прыслужвала яхіднейшая бабулька разам з сваёю пляменніцаю, і калі-б я забараніў гэтым асобам уваходзіць у адзін з маіх пакояў, гэта-б толькі яшчэ больш зацікавіла іх. Каб не выклікаць уражання, быццам у з‘яўленні незнаёмца ў маёй кватэры ёсць нейкая тайна, я рашыў абвясціць ім, што напярэдадні да мяне нечакана прыехаў дзядзя з правінцыі.

Гэтае рашэнне было прынята мною, калі я вобмацкам шукаў запалкі, — было яшчэ зусім цёмна. Доўга я шнарыў па пакоі, але без поспеху, і нарэшце вымушан быў пайсці ў прыбрамную вартоўню папрасіць вартаўніка запаліць мне свечку. Спускаючыся з лесніцы, я наткнуўся ўпацёмку на нейкі прадмет, — то быў чалавек, які прытуліўся ў кутку.

Я запытаўся ў яго, што ён тут робіць. Ён не даў мне ніякага адказу і выслізнуў з маіх рук. Я вопрамеццю кінуўся ў каморку вартаўніка, загадаў яму ісці за сабою і пабег назад, расказваючы на хаду, што эдарылася са мною на лесніцы.