Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/234

Гэта старонка не была вычытаная

гразі. Мой джэнтльмен, Піп, павінен завесці коней, у яго павінны быць і верхавыя, і ўпражныя, для яго самога і для прыслугі. Каланісты трымаюць коней — і яшчэ якіх: чыстакроўных! — а каб у майго лонданскага джэнтльмена іх не было? Як-жа, чакайце! Мы пакажам ім сябе, Піп, ці не так, дружа мой?

Ён дастаў з кішэні вялізны, туга набіты бумажнік і кінуў яго на стол.

— Спыніцеся, мне трэба пагаварыць з вамі! — усклікнуў я, ледзь не трацячы прытомнасці ад страху і агіды. — Я хочу ведаць, што мне трэба зрабіць, каб папярэдзіць пагражаючую вам небяспеку.

— Любы хлопчык, небяспека зусім не такая вялікая, каб варта было аб ёй непакоіцца. А пакуль на мяне не данясуць, і зусім няма ніякай небяспекі. Джагерс, Вемік ды ты — вось усе, каму вядома. Хто-ж пачне даносіць.

— Хіба няма такіх асоб, якія могуць вас пазнаць на вуліцы?

— Ну, іх-то нямнога. Я-ж не маю намеру аб‘яўляць у газетах, што ў Англію прыбыў Авель Мегвіч з Батані Бея. З таго часу прайшло шмат гадоў, ды і каму якая карысць выкрываць мяне? І вось што яшчэ я скажу табе, Піп: калі-б небяспека была ў пяцьдзесят разоў большая, я ўсё-такі прыехаў-бы пабачыць цябе. Так, Піп. Зарубі гэта сабе на носе.

— А ці надоўга вы сюды прыехалі?

— Ці надоўга?

Ён выняў люльку і паглядзеў на мяне, разявіўшы рот.

— Ды я зусім не збіраюся адсюль выязджаць. Я прыехаў назаўсёды.

— Дзе-ж вы будзеце жыць? Што мне з вамі рабіць? Як уладзіць вас так, каб вам не пагражала небяспека?

— Любы хлопчык, за грошы можна дастаць парыкі, якія змяняюць чалавека да непазнавальнасці. А накладныя бароды, а акуляры, а розныя касцюмы? Ды ці