Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/243

Гэта старонка не была вычытаная

сваю цяперашнюю як на часовае месцазнаходжанне і раіў мне неадкладна «прыгледзець» каля Гайд-парка «які-цебудзь панскі палац», дзе-б не сорамна было жыць джэнтльмену і дзе-б і для яго знайшлося месцейка. Калі, паснедаўшы, ён выціраў нож аб калена, я сказаў без усякай прадмовы:

— Учора, пасля вашага ўходу, я расказаў майму прыяцелю пра бойку, сведкамі якой мы былі там, на балоце, калі вас знайшлі салдаты. Памятаеце?

— Як не памятаць!

— Нам хацелася-б ведаць што-небудзь пра таго чалавека і пра вас; дзіўна, што я да гэтага часу так мала ведаю пра вас абодвух, і асабліва гэта дзіўна ў адносінах да вас. Бо тое, што я расказаў учора — гэта ўсё, што мне пра вас вядома, а не шкодзіла-б ведаць нам і больш. Хвіліна цяпер самая падыходзячая.

— Добра, — праказаў Провіс, падумаўшы. — Таварыш Піпа, памятайце, што вы знаходзіцеся пад прысягаю.

— Памятаю, — адказаў Герберт.

— Гэта прысяга адносіцца да ўсяго, што вы зараз пачуеце, — упарта дадаў Провіс. — Да ўсяго. Разумееце?

— Разумею.

— І памятайце: што-б я ні зрабіў, я за ўсё разлічыўся, усё з мяне спагнана.

— Буду памятаць.

Абапёршыся рукамі аб калені, Провіс з хвіліну насупіўшыся глядзеў на агонь, потым павярнуўся да нас і пачаў.


РАЗДЗЕЛ XXXVIII

«Любы мой хлопчык і вы, таварыш Піпа! Не буду расказваць вам маё жыццё з рознымі там прыкрасамі, нібы казку якую-небудзь. Яго можна змясціць у двух словах: з турмы ў турму, у турму з турмы, — коратка і ясна.