Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/244

Гэта старонка не была вычытаная

«Я ведаю, што мяне завуць Мегвіч, а пры хрышчэнні далі імя Авеля. Як я аб гэтым даведаўся? Ды таксама, як ведаў, што адну птушку завуць зяблікам, другую вераб‘ём, трэцюю драздом; магло здарыцца, што ўсё гэта хлусня, але птушкі і сапраўды так зваліся, значыць, рашыў я, і маё імя сапраўднае.

«Я рос, бадзяючыся, жабруючы, крадучы, працуючы, калі набяжыць якая-небудзь работа, — хоць гэта і не так часта бывала, як вы, можа быць, думаеце, ды і вы самі, сазнайцеся ад шчырага сэрца, ці ахвотна-б далі мне работу? Перабываў я і браканьерам, і чорнарабочым, рамізнікам, касцом, разносчыкам, перапрабаваў усякія заняткі, якія заработку даюць мала, а працы патрабуюць шмат, і вось паступова зрабіўся дарослым мужчынам. Салдат-дэзертыр, які хаваўся ля прыдарожнага шынка ў бульбянай кучы, навучыў мяне чытаць, велікан з кірмашовага балагана, які атрымліваў ад публікі пені за кожны свой подпіс, навучыў мяне пісаць. Цяпер мяне трымалі на замку ўжо не так часта, як раней, але ўсё-ж здаралася часам і цяпер турэмным замкам на мяне папрацаваць.

«Гадоў дваццаць таму назад, на Эпсомскіх скачках я пазнаёміўся з адным чалавекам, якому праламаў-бы чэрап, як арэхавую шкарлупу, вось гэтаю качаргою, каб ён быў зараз тут перада мною. Сапраўднае яго імя было Кампісон; яго вось, мой любы, я і душыў тады ў канаве, калі ты нас бачыў.

«Ён корчыў з сябе джэнтльмена, Кампісон гэты атрымаў адукацыю ў благародным пансіёне; гаворка ў яго была мядовая, манеры панскія, па гэтай часці ён быў вялікі майстар і выгляд меў таксама не дрэнны. Я з ім упершыню сустрэўся ўвечары, напярэдадні галоўных скачак, на плошчы за іпадромам, у адным бараку, які мне быў добра вядомы, Калі я ўвайшоў, ён з вялікай кампаніяй сядзеў за сталом;