Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/246

Гэта старонка не была вычытаная

справу, пажывіліся каля нейкай багатай лэдзі і загрэблі кучу грошай, але Кампісон быў карцёжнік, гуляў з размахам і спусціў усё чыста. Артур паміраў у галечы і перад смерцю мучыўся жахлівымі зданямі; жонка Кампісона — як-жа Кампісон біў яе! — шкадавала яго, наколькі магла, але ў Кампісона не было жалю ні да каго.

«Прыклад Артура мог-бы перасцерагчы мяне, але я яго не скарыстаў; запэўніваць вас, што сумленне ва мне загаварыла, не буду, — якая карысць? Такім чынам, я пачаў дапамагаць Кампісону, але я быў толькі нікчэмнай зброяй у яго руках. Артур жыў на чардаку ў доме Кампісона; гэты дом быў недалёка ад Брэнтфорда. Кампісон запісваў акуратна, колькі ён яму вінават за стол і кватэру, каб вылічыць з заработнай платы, калі ён паправіцца. Але Артур вельмі хутка зусім расквітаўся з жыццём.

«Кампісон быў задаволены, што смерць іх развязала. Неўзабаве мы з ім узяліся за справы. Хітрая бестыя! Перш за ўсё ён прымусіў мяне прысягнуць у вернасці над маёю ўласнай бібляй, вось над маленькай чорнаю кніжкай, над якою прысягнуў твой таварыш, мой любы хлопчык.

«Час, пражыты мною з Кампісонам, быў самым цяжкім у маім жыцці — гэтым усё сказана. Ці расказваць вам, як мяне аднаго цягалі ў суд за злачынствы, у якіх удзельнічалі мы абодва.

«Запомніце толькі, што мяне судзілі і прыгавор прыводзілі ў выкананне. Нарэшце нас абодвух аддалі пад суд за крымінальнае злачынства. Абвінавачваліся мы ў тым, што збывалі крадзеныя банкавыя білеты, і, апрача таго, яшчэ ў іншых злачынствах. Кампісон і кажа мне: будзем абараняцца кожны паасобку, каб утаіць усякі хаўрус паміж намі. Сказана — зроблена. Гэтай парадаю ён і абмежаваўся, а я быў у такім