Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/248

Гэта старонка не была вычытаная

нен, што ён уцёк выключна са страху, каб пазбавіцца ад мяне, — ён не ведаў, што я знаходжуся на беразе. Я знайшоў яго і расквасіў яму морду. «А цяпер, каб табе зрабіць поўную ласку, сказаў я, — я дастаўлю цябе зноў у турму. За сябе я не баюся, мне ўсёроўна, што са мною будзе». І калі-б патрэбна было, я за валасы пацягнуў-бы яго ўплаў і прадставіў у турму без дапамогі салдат.

«Зразумела, нарэшце ён і тут удачліва выкруціўся — ён-жа карыстаўся добраю рэпутацыяй! Ён рашыўся ўцячы ў поўвар‘яцкім стане, напалоханы маімі замахамі на яго жыццё, — так растлумачылі яго ўцёкі; і яго лёгка пакаралі, мяне-ж закавалі ў кайданы, другі раз судзілі і прыгаварылі да пажыццёвай ссылкі. Але я не астаўся там на ўсё жыццё, любы хлопчык і таварыш Піпа, вось я цяпер тут».

Ён абцёр пот з твара, галавы, шыі і рук, павольна дастаў шчапотку тытуну з кішэні, выняў люльку з пятліцы сурдута, павольна набіў яе і закурыў.

— Памёр ён? — запытаўся я.

— Хто, мой любы?

— Кампісон.

— Ён ад усяе душы мне гэтага жадае, у гэтым можаце быць упэўнены, — праказаў Провіс з раз‘юшаным выглядам. — Мусіць, ён яшчэ жыве; але з таго часу я ніколі больш аб ім не чуў. Герберт напісаў нешта алоўкам на вокладцы кнігі, якая ляжала на стале. Калі Провіс са сваёю люлькаю адышоў да каміна і накіраваў вочы на агонь, Герберт падсунуў да мяне гэтую кнігу, і я прачытаў:

«Маладога Гевішама звалі Артур. Кампісон — прозвішча таго чалавека, які прыкінуўся закаханым у міс Гевішам».

Я ў адказ на гэта лёгка кіўнуў галавою і, захлопнуўшы кнігу, адклаў яе ўбок.