Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/260

Гэта старонка не была вычытаная

— О, Эстэла! — усклікнуў я, абліваючы яе руку горкімі слязмі; не гледзячы на мае намаганні, я не мог іх стрымаць. — Да канца дзён сваіх я не ў сілах буду бачыць вас жонкаю Дрэмля!

— Глупства гэта, дзяцінства! — адказала яна. — Гэта хутка пройдзе.

— Ніколі, Эстэла, ніколі!

— Праз тыдзень вы мяне забудзеце.

— Забыць вас! Вы частка майго жыцця, частка мяне самога. Вечна вы будзеце ўладаць мною, Эстэла! Да апошняй гадзіны майго жыцця вы будзеце часткаю мяне самога, часткаю таго дабра і таго зла, якія ёсць у маёй натуры. Але, клянуся вам, памінаць я вас буду заўсёды дабром, таму што вы зрабілі мне нязмерна больш дабра, чым зла, хоць цяпер мне і балюча, і цяжка.

Я прыціснуў руку Эстэлы да сваіх губ і накіраваўся да выхаду. Але потым я ўспомніў, — успомніць аб гэтым мне прышлося вельмі хутка па вельмі важнай прычыне, — што ў той час, як Эстэла глядзела на мяне толькі з недаверлівым здзіўленнем, мярцвяна-бледная, падобная на здань, міс Гевішам, не пераставаўшая прыціскаць руку да сэрца, накіравала на мяне жахлівы позірк, — здавалася, яна ўсю душу ўлажыла ў гэты позірк, ён быў повен спачування і вялікай скрухі.

Усё скончана, усё загінула! Так, усё скончана: калі я пераступаў цераз парог дома, мне здалося нават, што дзённае святло пацямнела, і сонца свяціла не так ярка, як тады, калі я ўваходзіў у Сатыс-гауз.

Дадому мяне чакалі толькі на наступны дзень, але ключ ад кватэры быў у мяне, так што, калі Герберт ужо лёг спаць, я мог, не турбуючы яго, прайсці да сябе.

Я вельмі рэдка праходзіў праз Вайтфрайерс у начны час, прытым-жа я быў так змучаны, так запэцканы ў гразі, што мяне лёгка маглі не пазнаць, таму