Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/267

Гэта старонка не была вычытаная

— Усё добра, Гендзель, ён усім задаволены, але гарыць нецярпеннем цябе бачыць. Мая любая дзяўчынка цяпер у бацькі наверсе. Дачакаемся яе тут, я цябе з ёю пазнаёмлю, і тады пойдзем ужо да яго. Гэта шуміць яе бацька.

Я пачуў страшнае бурчэнне, якое чулася з пакоя на другім паверсе, размешчанага над гасціным пакоем, і, напэўна, на маім твары з‘явілася здзіўленне.

— Гэта яе бацька. Відаць, ён горкі п‘яніца, — гаварыў Герберт усміхаючыся. — Аднак, я ніколі яго не бачыў. Чуеш пах рому? Ён з ім не расстаецца.

— З ромам?

— Так, і можаш сабе ўявіць, як супакойліва дзейнічае ром на яго падагру. І ўяві сабе, ён патрабуе, каб усе харчы хаваліся ў яго ў пакоі, і сам іх выдае; ён трымае іх на паліцах, прыбітых над ложкам, і адважвае ўласнаручна ўсе прыпасы. Яго пакой павінен быць падобны на бакалейную краму.

Пакуль Герберт упоўголаса паведамляў мне гэтыя падрабязнасці, а стары Барлей сатрасаў сваім зычным рыкам бэлькі столі, раптам дзверы адчыніліся, і на парозе з‘явілася прыгожанькая чарнавокая стройная дзяўчына гадоў дваццаці, з кошыкам у руках. Герберт пяшчотна прыняў у яе кошык і, зачырванеўшыся, як макаў цвет, пазнаёміў мяне з сваёю Клараю. Дзяўчына сапраўды была чароўная.

Пакуль я любаваўся ёю, наверсе бурчанне зноў змянілася раз‘юшаным рыкам, і ўслед за тым пачуўся гучны стук у столь, нібы які-небудзь волат-інвалід прабаваў прабіць яе драўлянаю нагою, каб зваліцца нам па галаву. Пачуўшы гэты стук, Клара сказала: «Любы, тата заве мяне», і шпарка пабегла наверх.

Герберт расказаў мне, што нябачны Барлей забаўляе сябе такім чынам дзень і ноч. У яснае надвор‘е ён