Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/268

Гэта старонка не была вычытаная

меў звычай пры гэтым глядзець яшчэ адным вокам у падзорную трубу, якая была прымайстравана да яго пасцелі, каб ён мог зручней аглядаць раку.

Провіса я знайшоў у светлай кватэры верхняга паверха: пакояў тут было ўсяго два, але яны былі надзіва чыстыя, паветра было шмат, містэра Барлея не так было чуваць, як унізе. Провіс не выяўляў аніякага страху, відаць, ніколькі не быў устрывожаны, але мне здалося, што ён стаў нейкім мякчэйшым; тады я не мог дакладна вызначыць, у чым іменна гэта выражалася, і пазней ніколі не мог растлумачыць гэтай перамены, але яна мне тады-ж адразу кінулася ў вочы.

Калі мы ўтраіх селі ля каміна, я перш за ўсё задаў пытанне: ці пакладаецца ён на заключэнні Веміка і ці давярае атрыманым ад яго звесткам?

— О, любы хлопчык, Джагерс мастак, а ён у Джагерса, — адказаў Провіс, глыбокадумна ківаючы галавою.

— У такім выпадку я перакажу вам, якая гутарка была ў мяне з Вемікам, якую перасцярогу я ад яго атрымаў і што ён мне раіў.

Я самым акуратным чынам пераказаў яму ўсё, што дайшло да мяне. Я расказаў яму, што Вемік чуў у Н‘югеце (не ведаю ўжо — ад турэмшчыкаў ці ад зняволеных) пра падазрэнні, узнікшыя наконт яго, пра нагляд, устаноўлены за маёю кватэраю, і што з прычыны гэтага Вемік раіў яму знікнуць на час куды-небудзь далей і не зносіцца са мною. Нарэшце я перадаў, што думае Вемік наконт яго паездкі за граніцу, і дадаў, што, калі ён паедзе, я, зразумела, паеду разам з ім або ўслед за ім праз некаторы час, у залежнасці ад таго, што будзе для яго найменш небяспена, думку Веміка.

Я не ўздымаў пытання, што будзе пасля таго, як мы апынімся па-за Англіяй, ды я і сам не меў аб гэ-