Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/272

Гэта старонка не была вычытаная

— Так, у гэтым я магу прызнацца.

— Вы нікуды не запрошаны?

— У гэтым таксама магу прызнацца; не, нікуды не запрошан.

— У такім выпадку пойдзем абедаць да мяне.

Я ўжо збіраўся папрасіць прабачэння, калі ён дадаў:

— І Вемік будзе.

У Літль-Брытэне была па звычаю зроблена разборка карэспандэнцыі, учынена абмыванне рук, загашаны свечкі, замкнута незгараемая шафа, і такім чынам прыкончана дзённая праца.

Мы паехалі ў Джэрард-стрыт усе разам, у наёмным кэбе. Не паспелі мы ўвайсці ў кватэру містэра Джагерса, як ужо быў паданы абед. Вядома, у гэтым доме мне і ў галаву не магло прыйсці намякнуць, хоць-бы толькі позіркам, на вальворцкія пачуцці Веміка, але ўсё-ж мне было-б прыемна, калі-б за абедам яго вочы хоць раз спыніліся на мне з таварыскім пачуццём. Не тут-то было. Як толькі ён пакідаў глядзець на талерку, ён накіроўваў свой позірк да містэра Джагерса і так суха, так цырамонна абыходзіўся са мною, нібы гэта быў двайнік Веміка, вельмі на яго падобны, але шмат горшы за яго.

— Вемік, ці пераслалі вы містэру Піпу запіску міс Гевішам? — запытаўся Джагерс неўзабаве пасля таго, як мы селі за стол.

— Не, сэр. Толькі што я сабраўся адаслаць яе на пошту, як вы прывялі містэра Піпа ў кантору. Вось яна.

З гэтымі словамі Вемік уручыў запіску не мне, а свайму патрону.

— У запісцы ўсяго два радкі, Піп, — праказаў містэр Джагерс. — Міс Гевішам прыслала яе мне, таму што не ведала дакладна вашага адраса. Яна піша, што ёй