Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/281

Гэта старонка не была вычытаная

— Абяцаю вам захоўваць яе таксама свята.

— І, калі гэтая справа скончыцца, на душы ў цябе будзе спакайней?

— О, так.

— Ты вельмі нешчаслівы?

Яна задала гэтае пытанне, усё яшчэ не гледзячы на мяне і тонам спачування, да якога я не прывык. Я не змог зараз-жа адказаць ёй: у мяне нехапала голасу. Яна склала накрыж рукі на набалдашніку палкі і ціха прытулілася да іх галавою.

— Я вельмі нешчаслівы, міс Гевішам, але, апрача вядомых вам непрыемнасцей, у мяне ёсць і іншыя: яны датычаць той тайны, аб якой я ўжо казаў вам.

Прайшло некалькі хвілін. Яна прыўзняла галаву і зноў уставілася на агонь.

— З твайго боку вельмі благародна запэўняць мяне, што ў цябе ёсць і іншыя непрыемнасці, але ці праўду ты кажаш?

— Шчырую праўду.

— Што яшчэ я магу для цябе зрабіць, апрача гэтай паслугі твайму прыяцелю, — гэтую справу лічы вырашанай; але ці не магу я зрабіць чаго-небудзь для цябе самога?

— Нічога. Дзякую вам за прапанову і яшчэ больш за тон, якім вы яе зрабілі, але для мяне асабіста вы нічога не можаце зрабіць.

Міс Гевішам устала з крэсла, пашукала вачыма пісьмовых прылад, але ў гэтым закінутым пакоі іх не аказалася. Тады яна дастала з кішэні апраўленыя ў пацямнеўшае золата зусім пажоўклыя дошчачкі з слановай косці і пачала пісаць на іх пацямнеўшым залатым алоўкам, што вісеў у яе на шыі.

— З Джагерсам ты па-ранейшаму ў сяброўсіх адносінах?

— Так, не далей як учора я абедаў у яго.