Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/282

Гэта старонка не была вычытаная

— Па гэтай запісцы ты атрымаеш ад яго дзевяцьсот фунтаў у сваё поўнае распараджэнне з тым, каб скарыстаць іх на патрэбы твайго прыяцеля. У сябе я грошай не трымаю, але калі ты хочаш, каб і Джагерс аб гэтым не ведаў, я магу табе іх сама прыслаць.

— Дзякую вам, міс Гевішам. Я не пасаромлюся атрымаць іх ад Джагерса.

Яна прачытала голасна тое, што напісала. Запіска была складзена ў дакладных і ясных выразах і пранікнута яўным жаданнем зняць з мяне ўсякае падазрэнне ў карыслівых намерах. Рука ў яе зноў дроггнула, калі я браў ад яе дошчачкі, і дрыжала ўвесь час, пакуль яна здымала з шыі ланцужок, на якім вісеў аловак, і перадавала яго мне. Яна ўсё яшчэ ўнікала глядзець на мяне.

— Наверсе стаіць маё імя. Калі ты зможаш калі-небудзь падпісаць пад ім: «Я ёй дарую» — хоць-бы гэта было не скора, хоць-бы к таму часу маё разбітае сэрца ўжо даўно сатлела ў магіле, — калі ласка, зрабі гэта.

— О, міс Гевішам, я магу гэта зрабіць зараз. Я быў сляпы, няўдзячны. Мне самому вельмі патрэбна дараванне і добрыя парады. Як-жа мне мець злабу на вас!

Яе твар павярнуўся да мяне ў першы раз з той хвіліны, як яна рашыла больш не глядзець на мяне, і, на маё найвялікшае здзіўленне і нават жах, яна ўпала перада мною на калені і падняла да мяне складзеныя рукі.

Калі я ўбачыў ля сваіх ног гэтыя сівыя валасы, гэты стары змучаны твар, я ўвесь затросся. Я ўпрашваў яе ўстаць, стараўся падняць яе з падлогі, але яна ўчапілася за маю руку, прытулілася да яе галавою і горка плакала. Я ніколі не бачыў, каб яна праліла хоць-бы адну слязу, і, спадзеючыся, што слёзы дадуць ёй палёгку, моўчкі нахіліўся да яе. Яна ўжо не