Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/289

Гэта старонка не была вычытаная

няў, я мог нават варушыць пальцамі, але, зразумела, яна таксама была забінтавана, а левую я вымушан быў насіць на павязцы. Сурдута ў рукавы мне нельга было надзець, і я павінен быў апранацца ім, як тальмай, унакідку, толькі зашпіліўшы ля горла. Валасы былі зусім абсмалены, але галавы і твара агонь не крануў.

Збегаўшы ў Гамерсміт паведаміць бацьку, Герберт вярнуўся дадому і прысвяціў увесь дзень мне. Ён даглядаў мяне як самая далікатная, самая ўважлівая сядзелка: у пэўныя гадзіны здымаў з мяне бінты, змачваў іх у загадзя падрыхтаванай прымочцы, накладваў іх зноў і рабіў усё гэта з такою ласкаю і цярплівасцю, што я быў расчулены да глыбіні душы.

Ні адзін з нас не загаварыў аб шлюпцы, але мы абодва аб ёй думалі; гэта відаць было з таго, што мы ўсяляк абыходзілі гэтае шчакатлівае пытанне і, нібы згаварыўшыся, запэўнялі адзін аднаго, што мае рукі загояцца не праз некалькі тыдняў, а праз некалькі гадзін.

Само сабою зразумела, што, як толькі я ўбачыў Герберта, маім першым пытаннем было: ці ўсё добра на Малынарнай грэблі? Ён так весела і ўпэўнена даў мне пацвярджальны адказ, што я зусім супакоіўся і да самага вечара мы аб гэтым прадмеце не загаварвалі. Але Герберт нечакана звярнуўся да яго ў канцы дня, калі заняўся перавязкаю пры святле агню, гарэўшага ў каміне, — на двары ўжо змяркалася.

— Учора, Гендзель, я прабыў у Провіса бітых дзве гадзіны. Ведаеш, ён стаў непараўнальна лепшым.

— Я казаў табе, што ў наша апошняе спатканне ён здаваўся мне значна мякчэйшым.

— Так, ты казаў, і гэта так і ёсць. Учора ён быў вельмі гаварлівым, расказваў мне шмат што з свайго жыцця. Памятаеш, ён тады загаварыў аб адной жанчыне, якая прынесла яму шмат гора? Што, я табе зрабіў балюча?