Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/292

Гэта старонка не была вычытаная

— Так, я ў сваім розуме. Слухай-жа, што я табе скажу: чалавек, якога мы хаваем на нізоўі Темзы, — бацька Эстэлы.


РАЗДЗЕЛ XLVI

Якой мэты я дамагаўся, парываючыся з такім запалам выкрыць і даказаць паходжанне Эстэлы? На гэта я нічога не магу сказаць.

Пасля кароткай, але многазначнай гутаркі з Гербертам мною аўладала ліхарадачнае перакананне, што я абавязкова павінен давесці да канца расследаванне аб паходжанні Эстэлы, і я хацеў зараз-жа бегчы да містэра Джагерса і ўзнаць нарэшце ўсю праўду.

Я ледзь было ў той-жа вечар не пайшоў у Джэрард-стрыт; на шчасце, Герберт адгаварыў мяне, даказаўшы, што я рыскую захварэць і злегчы ў пасцель якраз у той час, калі ад мяне будзе залежыць выратаванне нашага бегляца. Толькі гэты довад мог стрымаць мой настрой. Назаўтра мы вельмі рана вышлі з дому, разам дайшлі да Смітфільда і тут на скрыжаванні рассталіся: Герберт пайшоў у Сіці, я — у Літль-Брытэн.

Маё паяўленне з падвязанаю рукою, у накінутым на плечы сурдуце спрыяла маёй мэце. Хоць пасля прыезду ў горад я паслаў містэру Джагерсу кароткую справаздачу аб тым, што здарылася, але цяпер мяне прымусілі зноў расказаць аб усіх падрабязнасцях.

Скончыўшы свой расказ, адказаўшы на ўсе пытанні, заданыя містэрам Джагерсам і Вемікам, я дастаў запіску міс Гевішам аб выдачы мне дзевяцісот фунтаў для Герберта. Калі я падаў дошчачкі, вочы містэўра Джагерса адразу запалі, але ён зараз-жа перадаў дошчачкі Веміку з загадам напісаць чэк. Пакуль цягнулася гэтая працэдура, я глядзеў на пісаўшага Веміка, а містэр Джагерс глядзеў на мяне, гойдаючыся на насках сваіх лакіраваных ботаў.