Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/296

Гэта старонка не была вычытаная

— Піп, — звярнуўся ён да мяне. — Не будзем гаварыць пра пустыя «лятуценні», вы больш за мяне ведаеце ў такіх рэчах: ваша спрактыкаванасць больш свежая. Што-ж датычыць другога пытання, я папрабую выкласці яго вам у выглядзе дапушчэння. Толькі памятайце, што я нічога не сцвярджаю, я выказваю дапушчэнне.

Ён спыніўся, даб даць мне магчымасць пацвердзіць, што я, вядома, разумею, што ён хоча сказаць.

— Такім чынам, Піп, уявіце сабе такога роду выпадак. Уявіце сабе, што жанчына, якая знаходзілася ў такіх абставінах, як вы расказвалі, схавала дзіця і вымушана была прызнацца ў гэтым свайму судоваму хадайніку, бо ён абвясціў, што яму для вядзення справы неабходна ведаць, што сталася з дзіцём. Дапусціце таксама, што ў той-жа час адна багатая сумазбродная лэдзі даручыла той-жа асобе адшукаць дзіця, якое яна магла-б выхоўваць і ўсынавіць. Вы сочыце за мною?

— Так, сэр.

— Дапусціце, што з масы абяздоленых яму пападаецца прыгожая малютка, якую ёсць магчымасць выратаваць, — бацька лічыцца памёршым, а матку судовы хадатайнік трымае ў руках, паколькі ў яго ўладзе сказаць ёй; я ведаю, што вы зрабілі, вы дзейнічалі такім вось чынам, вы зрабілі тое і тое, каб адвесці ад сябе падазрэнне; я вас прасачыў і магу расказаць як па пальцах усё з пачатку да канца. Расстаньцеся з дзіцём. Калі яно спатрэбіцца для вашага выратавання, яго прадставяць. Аддайце яго мне, я ўжыву ўсе намаганні, каб вас апраўдалі. Будзеце вы выратаваны, — і ваша дзіця будзе выратавана; загінеце, — яно ўсё-такі будзе выратавана. Дапусціце цяпер, што ўсё гэта было зроблена, і жанчыну суд апраўдаў.

— Разумею, сэр.