Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/297

Гэта старонка не была вычытаная

— Але памятайце: я нічога не сцвярджаю.

— Вы нічога не сцвярджаеце.

І Вемік, як рэха, паўтарыў:

— Нічога не сцвярджаеце.

— Дапусцім, што бурныя страсці, жах перад страшнаю смерцю парушылі рассудак абвінавачваемай, і, калі яе выпусцілі на волю, жыццё ў людзях выклікала ў ёй такі страх, што яна прышла да свайго абаронцы прасіць падшукаць ёй ціхі прытулак. Дапусціце, што ён узяў яе, уціхамірыў яе дзікі нораў, пускаючы ў ход кожны раз, як прарывалася яе ранейшая нястрымная дзікая натура, ранейшы прыём. Вы можаце сабе ўявіць такі ўвабражаемы выпадак?

— О, так.

— Дапусціце, што дзяўчынка вырасла і вышла замуж па разліку, што маці яшчэ жывая, што бацька таксама жывы, і што абодва не ведаюць аб існаванні адзін аднаго, хоць і жывуць адзін ад аднаго на адлегласці некалькіх міляў, ці некалькіх сажняў, дапусцім нават, некалькі футаў. Дапусціце, што тайна да гэтага часу не адкрыта і вы адзін ведаеце аб ёй. Я прашу вас уявіць сабе гэты апошні пункт як мага ясней.

— Уяўляю.

— І Веміка таксама прашу гэта сабе ўявіць.

Вемік у сваю чаргу адклікнуўся:

— Уяўляю.

— Дзеля каго будзеце вы выкрываць тайну? Дзеля бацькі? Мне здаецца, што лепш не раздражняць яго старых ран. Дзеля мацеры? Але пасля такой справы, якую яна зрабіла, мне здаецца, ёй найбольш бяспечна заставацца там, дзе яна цяпер знаходзіцца. Дзеля дачкі? Але, здаецца, вы зробіце ёй дрэнную паслугу, выкрыўшы яе паходжанне, накінуўшы на яе ганебную пляму, ад якой удалося яе пазбавіць дваццаць гадоў таму назад, ад якой цяпер яна на ўсё жыццё свабодная.