Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/308

Гэта старонка не была вычытаная

— І стары дружа Стартоп! — ускрыкнуў я, калі той нахіліўся да мяне.

— Успомні, у якой справе ён абяцаў дапамагаць нам і супакойся, — праказаў Герберт.

Ад гэтага напаміну я прабаваў ускочыць, але зараз-жа зноў упаў ад страшнага болю ў руцэ.

— Часу хопіць яшчэ, Герберт? Які сёння дзень? Як доўга прабыў я тут? — пытаўся я, бо ў мяне з‘явілася падазрэнне, што я праляжаў тут вельмі доўга, можа быць, дні два.

— Часу яшчэ хопіць. Цяпер усё яшчэ ноч з панядзелка на аўторак.

— Божа, дзякую табе!

— У цябе наперадзе яшчэ цэлы дзень для адпачынку. Але ты стогнеш, небарака Гендзель! Што ў цябе баліць? Ці можаш ты ўстаць?

— Так, я магу трымацца на нагах. Боль толькі ў руцэ.

Рука страшэнна ўздулася і гарэла: да яе немагчыма было дакрануцца. Сябры мае разарвалі свае насавыя хусткі, зрабілі перавязку, асцярожна падвязалі мне руку, каб я мог як-небудзь дабрацца да горада, дзе мелася магчымасць дастаць прымочку для паніжэння жару. Праз некалькі хвілін мы заперлі за сабою дзверы апусцелага шлюзнага доміка і накіраваліся да каменаломні.

Месяц стаяў ужо значна вышэй, чым раней; мяркуючы па ім, мусіць, прайшло дзве гадзіны з таго часу, як я бачыў яго ў першы раз. Хоць усё яшчэ імжыў дожджык, але было значна святлей.

Герберт доўга адмаўляўся расказаць, якім чынам ён з‘явіўся да мяне на выручку, доўга ўгаварваў мяне супакоіцца, але нарэшце здаўся на мае просьбы, і я даведаўся, што, выходзячы з дому, я, спяшаючыся, упусціў пісьмо, і Герберт знайшоў яго. З Стартопам ён сустрэўся на вуліцы. Пісьмо паказалася яму падазро-