Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/313

Гэта старонка не была вычытаная

— Калі ўсё пойдзе добра, вы праз некалькі гадзін будзеце зусім вольнымі і па-за ўсякай небяспекай.

— Так, — адказаў ён з доўгім уздыхам. — Вельмі магчыма.

— Хіба вы ў гэта не верыце?

Ён апусціў руку за борт лодкі, пагрузіў яе ў ваду і праказаў з кароткай усмешкаю, якую я заўважаў у яго ўжо не ў першы раз:

— Здаецца, веру, любы хлопчык. Цяжка ўявіць хвіліну больш спакойную і прывольную, чым цяпер вось, але… можа быць, ціхі пяшчотны прыліў навявае на мяне такія думкі… Заглядзеўшыся на дым сваёй люлечкі, я думаў зараз, што нам так-жа цяжка ведаць, што чакае нас праз некалькі гадзін, як бачыць, што хаваецца на дне, пад гэтай вадою, якая цяпер бяжыць у мяне паміж пальцамі. Спыніць гэтыя гадзіны таксама немагчыма, як і цячэнне ракі. Вось я зачарпнуў поўную жменю вады, і бачыш, — яе ўжо няма, — закончыў ён, вымаючы руку з вады.

— Па вашаму твару я сказаў-бы, што вы крыху страцілі бадзёрасць, — заўважыў я.

— О не, ніколькі! На мяне нагнаў такія думкі гэты ціхі, пяшчотны прыліў, гэта цурчанне вады пад гальюнам шлюпкі. А, можа быць, я проста пачынаю старэць.

Ён зноў сунуў люльку ў рот. Яго твар быў такі бесклапотны, ён сядзеў так спакойна, з такім задаволеным выглядам, як быццам мы пакінулі ўжо межы Англіі.

Нашы грабцы захоўвалі яшчэ свежасць і бадзёрасць, бо на працягу дня мы некалькі разоў пускалі шлюпку ўніз па цячэнню, і гэтага кароткага адпачынку было ім дастаткова, каб аднавіць сілы. Мы прысталі да слізкіх узбярэжных каменняў, падмацаваліся ежаю і піццём і правялі ўважлівы агляд вакольнай мясцовасці. Яна нагадвала маю радзіму — такая-ж балоцістая,