Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/326

Гэта старонка не была вычытаная

іх шыбах блішчэлі яшчэ буйныя кроплі дажджу, і шырокія палосы святла падалі на суддзяў і асуджавых.

Падняўшыся на хвіліну і вылучаючыся ў гэтай светлай паласе, нібы цёмная пляма, Мегвіч вымавіў:

— Мілорд, я ўжо асуджан на смерць лёсам, але пракланяюся і перад вашым прыгаворам.

Затым ён зноў сеў, і суддзя вёў далей сваю прамову, звяртаючыся ўжо да другіх асуджаных. Усе яны былі асуджаны з захаваннем усіх неабходных фармальнасцей. Адны не маглі пасля гэтага самі выйсці з зала, а другія, наадварот, ішлі смела, акідваючы публіку пагардлівымі поглядамі. Некаторыя ківалі знаёмым на галерэі; двое ці трое паціскалі адзін аднаму рукі. Мегвіч вышаў апошнім. Прышлося дапамагчы яму падняцца, і рухаўся ён вельмі павольна. Пакуль астатнія выходзілі і пакуль публіка ўставала з месц, папраўляючыся, як пры выхадзе з тэатра, ён увесь час трымаў мяне за руку і паказваў пальцам то на таго, то на другога злачынца.

Мае штодзённыя спатканні з Мегвічам сталі менш працяглымі, бо за ім устанавілі больш строгі нагляд.

Час ішоў, і я заўважаў, што ён з кожным днём робіцца ўсё больш безудзельным; звычайна ён ляжаў, гледзячы на белую столь, з зусім безжыццёвым выразам твара. Мой голас як быццам на хвіліну ажыўляў яго, але зараз-жа ён зноў упадаў у ранейшы стан. Часам ён не мог вымавіць ні слова і тады адказваў на мае словы толькі лёгкім поціскам рукі, і я вельмі добра разумеў яго.

На адзінаццаты дзень я заўважыў у ім такую значную перамену, якой не бачыў да гэтага часу. Ён глядзеў на дзверы і прасвятлеў ад радасці пры маім паяўленні.

— Любы хлопчык, — сказаў ён, калі я сеў да яго на пасцель, — я думаў, што ты спазніўся; але ў той-жа час быў упэўнены, што гэтага не можа здарыцца.