Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/336

Гэта старонка не была вычытаная

РАЗДЗЕЛ LIII

Вестка аб крушэнні, якое пацярпелі мае вялікія чаканні, паспела апярэдзіць мяне. Аказалася, што «Блакітны Вепр» ужо даведаўся аб усім, і яго абыходжанне са мною рэзка змянілася. Наколькі ў дні майго росквіту «Вепр» стараўся заслужыць маю ласку сваёю бязмежнаю ўслужлівасцю, настолькі ён стаў халодны са мною цяпер, калі шчасце ад мяне адвярнулася.

Я прыехаў у гасцініцу пад вечар, прычым падарожжа, якое ў былыя дні не выклікала ў мяне ніякай стомленасці, цяпер мяне зусім разбіла. «Блакітны Вепр» не мог адвесці мне нумара, які я раней звычайна займаў: ён аказаўся занятым (бясспрэчна, пастаяльцам, меўшым свае «вялікія надзеі»). Мне адвялі нейкі мізэрны катух паміж галубятняю і карэтным хлявом; але я спаў у ім вельмі моцна і наўрад ці заснуў-бы лепш у самым раскошным памяшканні, якое толькі мог даць мне «Вепр».

Раніцою, перад снеданнем, я адправіўся прагуляцца ў бок Сатыс-гауза. Сумныя аб‘явы на варотах і вывешаныя на вокнах каўры, апавяшчалі аб продажу на наступным тыдні з аўкцыёна ўсёй мэблі і абсталявання. Самы дом прызначаўся ў продаж на злом.

Быў цудоўны ліпеньскі дзень. Неба ззяла блакітам; жаўранкі высока ўзвіваліся над зялёнымі палямі. Усё вакол здавалася мне цяпер шмат прывабней, чым у мінулыя часы.

Я не бачыў яшчэ школы, дзе Бідзі была настаўніцай; але мяне вывела да яе невялікая кружная сцежачка, па якой я пайшоў, каб пазбегнуць лішніх сустрэч. На жаль, гэты дзень аказаўся святочным, і ў школе не было дзяцей, а домік Бідзі быў замкнуты. Я спадзяваўся ўбачыць яе за звычайнай работаю раней, чым яна паспее заўважыць яе, але надзеі гэтыя не збыліся.