Старонка:Вялікі скарб нашай старасьвеччыны (Самойла).pdf/11

Гэта старонка не была вычытаная

Гэтая рыса — успамінаньне аб Божай Мацеры дый аб хрысьціянах, наагул рэдкае ў "Слове," паказывае на ўплывы Царквы. Але, як відаць з усей паэмы, уплывы гэтыя яшчэ былі даволі слабыя. Усё ў паэме дышыць, хутчэй, дахрысьціянскай стыхіяй старадаўняй Русі, уся яна перапоўнена жывымі абразамі народна-паганскага эпосу, багамі і бажкамі адвечнай славянскай натуральнай рэлігіі. Сынамі ці ўнукамі галоўнага бога яе — Дажбога, бога Сонца, называе ў сваей паэме аўтар найслаўнейшых князёў Рускай Зямлі.

___________________

Такі гэты цудоўны абломак нашай старадаўняй мінуўшчыны, ацалеўшы запраўды ж нейкім цудам, каб сьведчыць нам аб тым, якое буйнае жыцьцё кіпела ўжо тады на Русі, як высака стаяла тады культура паэтыцкага слова, якія моцныя і яркія таленты закоўвалі ў гэтае слова бягучае дый уцякаючае ў мінуўшчыну жыцьцё, каб уся яго сіла і краса захавалася навек у гэтым слове на радасьць і навуку патомкам. Трэба, паўтараем, толькі пазнаць і пакахаць гэную сваю мінуўшчыну, каб стаць дастойнымі лепшай, а мо, - слаўнай, роўнай ей — будучыны.