Старонка:Вялікі скарб нашай старасьвеччыны (Самойла).pdf/19

Гэта старонка не была вычытаная

слова — "стылям" паэмы. Дасьледчык паэмы Добрынін ("Полымя Рэвалюцыі", 1937 - ХІ) кажа, што яе аўтар, як у агульнай будове паэмы, таксама ў яе жывой тканіне, шырака карыстаецца "фігурай антытэзы". Запраўды-ж, антытэза зьяўляецца як быццам галоўнай стылістычнай мэтодай паэтыкі аўтара "Слова". Ведамы афорызм Бюффона кажа: "стыль, гэта — чалавек". Такім чынам, ідучы ад твору к тварцу, мы ізноў прыходзім да разгледжанай вышэй супярэчнасьці абедзьвюх душаў аўтара: северскай і кіеўскай.

Верны свайму князю, ён — яшчэ больш верны сваей ідэі палітычнага адзінства Русі. Нарушэньне князям Ігарам закону гэтага адзінства, паміма фатальных рэзультатаў яго палажэньня, адкрывае ў душы аўтара, драматычную пэрыпэтыю", якая разрывае на палавіны яго душу. З гэтага раздваеньня і выплывае ўся драматычная антытэтычнасьць паэмы, якая якраз і састаўляе ўсё жыцьцё, усё дынамічнае адзінства паэмы, яе рух, патос.

Антытэза - фігура, якая выражае, ці адбівае — спрэчку, канфлікт, барацьбу. Барацьбу паміж супярэчнымі зьявамі, ідэямі, паняцьцямі, абразамі, якія, аднак, нейкай сілай і сувязяй злучаны паміж сабой... Ясна, якую сілу павінна здабыць гэтая фігура ў стылі паэмы, якая ня толькі вонкавым зьместам сваім мае вайну, але па сваёй унутранай сутнасьці, па самай сваей "рацыі быту" — драматычную сутычнасьць цэлага раду такіх супярэчных, але адначасна зьвязаных у „пары" паняцьцяў: адзінства і частковасьць, мір і вайна, самаволя і дысцыпліна, норма і факт адвага і развага, сэрца і розум, князі і ханы, перамога і паражэньне, паход і ўцёкі, палон і воля і г. д. Такіх "параў" можна у паэме налічыць без канца... І іх унутраны дынамізм з задзіўляючай сілай, з непараўнаным паэтычным мастацтвам, з бліскучай яркасьцю стылістычнаю — контрастнага эфэкту — умее выкарыстаць геніяльны мастак стылю — няведамы аўтар "Слова". І гэта, зразумела, таму, што гэты драматычны кантраст, гэтая прынцыповая антытэза — найглыбейшая аснова ня толькі ўсей паэмы, ня толькі ключ да жывой, але падзеленай на дзьве супярэчныя палавіны душы аўтара, але — у найглыбейшым сваім корані — рэальная гістарычная аснова, палітычна пляменная антытэтычная падстава тых падзей, якія аўтар узяў тэмай для сваей паэмы.