Старонка:Вянок (1913).pdf/114

Гэта старонка не была вычытаная

З абох бакоў крывой і вузкай вулкі хаты
Стаялі—шэрые, струхлеўшые; як латы
Віднеліся ў сьценах сьляпые вокны іх
І аж чарнелася салома стрэх гнілых.
Усё руйнавалося, старэло, адмірало
І мала што вакол хоць трохі аздабляла
Вясковую нуду; мак яркіе цьвяткі
Рожнакалёрные, як тые матылькі,
У градах высыпаў і цешыў імі душу,
Ды можна йшчэ было там-сям пабачыць грушу,
Крывую, старую… вось толькі і ўсяго.
І да таго ж з людзей ня відна нікаго,—
Яны на полі ўсё; не мелканець спадніца,
Ня пройдзе з вёдрамі па воду маладзіца,
Ня ўгледзіш белую магерку мужыка,
Ў паветры не памкне іржаньне жэрэбка
І песьня сумная не паліецца звонка…
Што ж дзіўнаго, калі, раптоўна крык дзяцёнка
Пачуўшы, дрогнуў я і аглядзеўся. Ах!
Я спудзіў хлопчыка; на руках і нагах
Ен, бедненькі, папоўз па траўцы ля сцяжынкі
Да нянькі траплячы—так год васьмі дзяўчынкі.
І вось, дабраўшыся, ў падолак разам з ей
С трывожным голасам уткнуўся ён хутчэй