Старонка:Вянок (1913).pdf/23

Старонка праверана

Оглянись — и міръ вседневный
Многоцвѣтенъ и чудесенъ.
А. Фетъ.[1]

Прывет табе, жыцьцё на волі!
Над галавой — дубоў павець,
Віднеюць неба, горы, поле
Праз лісцьцяў сець.

Лахмоцьця ценяў на палянах
Схаваўшы золата ляжаць;
Яго слаі с пад дзір парваных
Аж зіхацяць.

А к ночы свой чырвоны веер
У небі сонцэ развярне
І разварушэны ім вецер
У даль памкне.

Калі жэ пабляднее золак
І цёмнай зробіцца вада
Зазьяе серабром іголак
Зор грамада.

І роўна мілымі зрабіцца
Здалеюць яркі блеск і цень,
Той дзень што мае нарадзіцца,
І знікшы дзень.

  1. Па-беларуску (Вікікрыніцы ):
    Паглядзі — і сьвет штодзённы
    Шматколерны і цудоўны.
    А. Фет.