Вечэр на захадзе ў попелі тушыць
Кучу чырвоных кавалкоў вугля;
Ціха ўсё; вецер лістка не зварушыць,
Не скалыхнуцца ні траўкай паля;
Цёмные цені даўжэй у лагчыне,
Птушкі прыстаўшай марудней палёт;
Сумна плыве маладзік бледна-сіні
У небі вячэрнім, зялёным, як лёд;
Іскрацца зорак сьняжынкі маркотна,
Збожжэ пакрылося шызай расой…
Кіньмо жэ думкі аб долі гаротнай,
Хоць бы на момэнт спачынем душой!
|