Старонка:Вянок (1913).pdf/39

Гэта старонка не была вычытаная

РОМАНС.

Quand luira cette etoile, un jour,
La plus belle et l plus lointaine,
Dites-lui qu’elle eut mon amour,
O derniers de la race humaine.
Sully Prudhomme.

Зорка Вэнэра ўзыйшла над зямлёю
Сьветлые згадкі с сабой прывела…
Помніш, калі я спаткаўся c табою,
Зорка Вэнэра ўзыйшла.
З гэтай пары я пачаў угледацца
Ў неба начное і зорку шукаў.
Ціхім каханьнем к табе разгарацца
З гэтай пары я пачаў.
Але разстацца нам час наступае;
Пэўна, ўжо доля такая у нас.
Моцна кахаў я цябе, дарогая,
Але разстацца нам чаc.
Буду ў далёкім краю я нудзіцца
Ў сэрцы любоў затаіўшы сваю;
Кожную ночку на зорку дзівіцца
Буду ў далёкам краю.
Глянь іншы раз на яе, у разстаньні
Там з ёй зліём мы пагляды свае…
Каб хоць на міг уваскрэсло каханьне,
Глянь іншы раз на яе…