Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольные, узяты
Ткаць залатые паясы.
І цягам доўгіе часіны,
Дзявочые забыўшы сны,
Свае шырокіе тканіны
На лад пэрсідзкі ткуць яны.
А за сьцяной сьмяецца поле,
Зіяе неба з-за вакна—
І думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расьцвіла весна,
Дзе блішчэ збожжэ ў яснай далі,
Сінеюць міла васількі,
Халодным срэбрам з‘яюць хвалі
Між гор ліючэйся рэкі.
Цямнее край зубчаты бора…
І тчэ, забыўшыся, рука
Заміж пэрсідзкаго узора
Цьвяток радзімы васілька.
|