Багдановіч выбірае для свае творчасьці беларускія элемэнты не затым, што яны — родныя Яму, а затым, што ў іх ёсьць запраўднае хараство. І ў гэтым вялікая заслуга Яго: бо такім чынам найлепшыя творы беларускай нацыянальнай душы ўзьнімаюцца на тую ступень, на якой стаяць такія ж творы іншых народаў, што здабылі ўжо даўно сусьветнае прызнаньне. Выкрываючы вечную, неўміраючую красу ў нашым родным, беларускім, Багдановіч уводзіць нас у сям’ю культурных народаў з большай пэўнасьцю, чымся тыя, хто піша вялікія трактаты аб нашым праве на гэта.
Пройдуць гады, зьменяцца варункі нашага жыцьця, і многа спаміж твораў тых, хто сягоньня жывым мастацкім словам змагаецца за права нашага народу на жыцьцё і волю, хто апісвае нуду і гора беларускай вёскі, хто кляйміць крыўдзіцеляў нашых за зьдзек і гвалты над Беларусамі, — многа спаміж іх будуць забыты, захаваўшы толькі гістарычнае значэньне. Але ўся творчасьць Багдановіча не затраціць свае цаны ніколі: бо краса ніколі ня ўмірае, бо Пясьняр Чыстае Красы ніколі ня можа быць забыты і будзе таксама прамаўляць да душы і сэрца нашых унукаў, як прамаўляе цяпер да нас.
Май 1927
Ант. Навіна