Старонка:Вянок (1927).djvu/28

Гэта старонка не была вычытаная

∗        ∗

Цёплы вечар, ціхі вецер, сьвежы стог —
Улажылі спаць мяне вы на зямлі.
Не ўстае стаўпом пыл сьветлы ўздоўж дарог,
Ў небе месяца праглянуў бледны рог,
Ў небе ціха зоркі расцьвілі.

Заварожаны вячэрняй цішынёй —
Я ня цямлю, дзе рука, дзе галава;
Бачу я, з прыродай зьліўшыся душой,
Як дрыжаць ад ветру зоркі нада мной,
Чую ўцішы, як расьце трава.