Старонка:Вянок (1927).djvu/37

Гэта старонка не была вычытаная

ЗІМОВАЯ ДАРОГА.

Шпарка коні імчацца у полі,
Сумна бомы гудзяць пад дугой,
Запяваюць аб долі і волі,
Навяваюць у сэрцы спакой.

Ўюцца зьмейкай срабрыстай дарожкі,
Брызгі золата ў небе блішчаць,
І маркотныя месяца рожкі
Праз марозную мглу зіхацяць.

Поле нікне у срэбным тумане,
Сьнег блішчыць, як халодная сталь,
І лятуць мае лёгкія сані,
Унашуся я ў сінюю даль.