Старонка:Вянок (1927).djvu/41

Гэта старонка не была вычытаная

МАЁВАЯ ПЕСЬНЯ.

De la musique avant toute chose.
P. Verlaine.

Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б’ецца, ўецца шпаркі, лёгкі
Сінякрылы матылёк.

Навакол усё паветра
Ў струнах сонца залатых, —
Ён дрыжачымі крыламі
Звоніць ледзьве чутна ў ix.

І ліецца хваляй песьня,
Ціхі, ясны гымн вясьне.
Ці ня сэрца напявае,
Навявае яго мне?

Ці ня вецер гэта звонкі
Ў тонкіх зёлках шапаціць?
Або мо’ сухі, высокі
Ля ракі чарот шуміць?

Не паняць таго ніколі,
Не разьведаць, не спазнаць:
Не даюць мне думаць зыкі,
Што ляцяць, дрыжаць, зьвіняць.

Песьня рвецца і ліецца
На раздольны, вольны сьвет,
Але хто яе пачуе? —
Можа толькі сам поэт.