Ціхі вечар; зьнікнула сьпякота,
Весялей струіцца між чарота
Рэчка, што ўцякае у ставок;
Ўкруг яго ідзе вярбін вянок
Яшчэ зялёных, сьвежых, хоць каравых;
Плесьня каля берагоў іржавых
Саматканым поясам ідзе
І лілеі расцьвялі ў вадзе;
Часам з візгам ластаўка малая
Пранясецца нізка, і чаркае
Крылечкам з разгону гладзь стаўка,
Налякаўшы гэтым матылька.
Часам лінь ці окунь успляснуцца
І кругі шырока разыйдуцца;
Часам выпаўзаюць паляжаць
Тут вужакі шэрыя на гаць,
У канцы каторай млын схіліўся;
Спарахнеў ён, ледзь не разваліўся.
Пачарнела кола і даўно
Мохам цёмным абрасло яно.
Але сёньня ходзіць кола млына,
Бо прыйшла да млынара дзяўчына,
Каб мог скруху з сэрца збыць,
У белай вопрацы яна стаіць,
|