Старонка:Вянок (1927).djvu/80

Гэта старонка не была вычытаная

∗        ∗

Напілося сонца са крыніц сьцюдзёных,
Усьцягнула ўвышу з іх ваду, як пар;
І, ўзляцеўшы шпарка па праменьнях тонкіх,
Пар зрабіўся сьлічнай чарадою хмар.

Ўдаль яны памкнулі і лятуць пад імі
Нівы ды балоты, поле, бор, лука.
Але што там блішча? Ці ня ты, сястрыца,
Ці ня ты ліешся срэбная рака?

Загрымелі ў хмарах гулка прывітаньні
І далёка буйны вецер іх разьнёс.
Рынуліся хмары да ракі радзімай
І зьліліся з ёю ліўнем кропель-сьлёз.