Паверце, так яго той захавае,
Што болей не пабачыць ён святла.
Фогт пабаіцца справядлівай помсты,
Зняважыўшы свабоднага так цяжка.
Кунц.
Стары ляндамман наш, шляхетны пан
Фон-Антынгаўзен, кажуць памірае.
Рыбак.
Апошні якар нашае надзеі.
Адзін ён толькі голас уздымаў,
Абараняючы правы народу.
Кунц.
Мацнее навальніца. Ну, бывайце.
Я адпачну у вёсцы, бо сягоння
Рыбак.
Ў няволі Тэль, барон наш памірае.
Цяпер ўздымай чало сваё, прыгнёт,
Адкінь усякі сорам. Вусны праўды
Маўчаць, відушчыя аслеплі вочы,
Рука, што ратаваць магла, скавана.
Хлопец.
Пасыпаў град. Хадзем у хату, бацька.
Не добра тут чакаць нам навальніцы.
Рыбак.
Гудзіце, ветры, зіхаці, маланка.
Грыміце, хмары, ліцеся ўніз, стромы
Нябесныя, зямлю заліце! Збіце
На порах будучыя пакаленні!
|}