Старонка:Вільгэльм Тэль (1934).djvu/165

Гэта старонка не была вычытаная

Вальтэр Фюрст.

Вялікі божа! (Трэск падаючых рыштаванняў).

Мельхталь.

Там яна была
У турму замкнута па загаду фогта,
Тут Рудэнц, як апалены, ускочыў —
Мы чулі як трашчэлі дзверы, кроквы
І з вогнішча мы чулі страшны лямант
Няшчаснай.

Вальтэр Фюрст.

Выратавалі яе?

Мельхталь.

Спрыт і рашучасць тут былі патрэбны,
Калі-б ён толькі нашым панам быў,
Жыццём-бы мы тады не рызыкнулі.
Але ён быў саюзнік наш, і Берта
Народ любіла, і таму за ім
Ўсё кінуўшы у вогнішча пайшлі мы.

Вальтэр Фюрст.

І выратавалі?

Мельхталь.

Так, я і Рудэнц —
З агню мы разам вынеслі яе
І ўслед за намі рухнулі скляпенні.
І вось, калі яна прыйшла ў сябе
І вочы свае узняла да неба,
Барон упаў на грудзі да мяне
І прысягнулі моўчкі мы саюзу,
Што ў вогнішчы загартаваны быў
І устаіць супроць удараў лёсу.