Гэта старонка не была вычытаная
Дык што-ж рабіць! Усе ўжо у магіле,
З кім некалі я жыў і будаваў.
І пад зямлёю ўжо ляжыць мой час;
Шчаслівы той, каму у новым жыць
не давядзецца. (Выходзіць).
ДРУГАЯ З‘ЯВА
Лугавіна, абкружаная высокімі скаламі і лесам. Па скалах пракладзены сцежкі са ступенькамі, па якіх потым спускаюцца сяляне. У глыбіні відаць возера, над ім відаць бляск месяца. У перспектыве высокія горы, за якімі маячаць снегавыя вяршыны. На сцэне цёмна, толькі возера і далёкія глетчары заліты святлом месяца. Мельхталь, Баўмгартэн, Вінкельрыд, Мейер Сарнен, Буркгарт-Бюгель, Арнольд-Зева, Кляўс-Флюэ і яшчэ чацвёра сялян, усе ўзброеныя.
Мельхталь (яшчэ за сцэнай).
Вось сцежка горная, хутчэй за мной!
Я пазнаю скалу і крыж над ёю;
Прыйшлі мы, гэта Рутлі[1].
(Уваходзяць з паходнямі).
Вінкельрыд.
Слухай!..
Зева.
Пуста.
Мейер.
Няма яшчэ нікога. Мы на месца
Раней за ўсіх прыйшлі мы, унтэрвальдэнцы.
- ↑ Згодна швейцарскага народнага падання нарада ў Рутлі (Rütli) адбылася ў ноч на 8 лістапада 1307 г.