Гэта старонка не была вычытаная
Усе ідуць у глыбіню насустрач прыбываючаму. З чоўна выходзяць Штаўффахер, Ітэль Рэдынг, Ганс Маўэр, Іорг Хоф, Конрад Хун, Ульрых Шміт, Іост Вейлер і яшчэ трое сялян, усе ўзброеныя.
Усе (крычаць).
Вітанне вам!
Мельхталь.
О, Штаўффахер! Я бачыў
Таго, хто на мяне глядзець не можа!
На вочы яго клаў я сваю руку,
Крыніцу палкай помсты зачарпнуўшы
З вачэй яго, пазбаўленых святла.
Штаўффахер.
Не гавары пра помсту ты. Не мсціцца,
А новую бяду адбіць мы мусім.
Цяпер скажыце мне пра Унтэрвальдэн.
Ці многа прыяцеляў там сабралі,
Што думаюць сяляне, як вы самі
Ўсе здрадніцкія пасткі абмінулі?
Мельхталь.
Цераз Сурэна[1] жудасныя горы
Па неабсяжных ледзяных палях.
Дзе коршунаў ахрыплы крык чуваць
Дабраўся я да выганаў альпійскіх,
Дзе з Энгельбергу[2], з Уры пастухі
Пасуць, пераклікаючыся, быдла;
Таліў я смагу ледзяной вадой,
Што у нізіны з грукатам спадае.