Штаўффахер.
Вось з Геслерам, баюся, будзе цяжка:
Заўсёды з коннікамі ён сваімі.
Ён поле без крыві не здасць, і нават
Прагнаны будзе страшны ён для нас.
Не лёгка выпусціць яго і небяспечна.
Баўмгартэн.
Дзе небяспека будзе — я пайду.
Жыццё маё, што Тэль уратаваў мне,
З ахвотай за айчыну я аддам.
Памсціўшыся за гонар, я спакойны.
Рэдынг.
Што мусіць быць, напэўна тое будзе,
Але пакуль мы гутарку вялі
Ужо з-за гор зара выходзіць стала
Бліскучай раніцы. Ісці нам трэба,
Каб раніца нас не застала тут.
Вальтэр Фюрст.
Не, ноч з далін паволі адыходзіць.
(Усе мімаволі скідаюць капялюшы і ў маўклівым
хваляванні глядзяць на ранішнюю зару).
Рэсельман.
У гэтым бляску, што вітае нас
Ад ўсіх людзей, што недзе ўнізе там
Ўздыхаюць цяжка ў смутку гарадоў
Мы у саюзе новым паклянемся.
І не разлучымся ні ў радасці, ні ў горы.
(Усе паўтараюць, узняўшы тры пальцы).